КАЎЧУ́КІ СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ,
эластычныя сінт. палімеры, якія могуць быць перапрацаваны ў гуму. Атрымліваюць полімерызацыяй ці полікандэнсацыяй.
Прыняты класіфікацыя і назва К.с. па манамерах, якія выкарыстоўваюць для атрымання каўчукоў (ізапрэнавыя, бутадыенавыя, бутадыен-стырольныя і да т. п.), ці па характэрнай групоўцы (атамах) у асн. ланцугу ці (і) бакавых групах макрамалекул (напр., полісульфідныя, крэмнійарган., фторкаўчукі). Паводле спосабу полімерызацыі падзяляюць на эмульсійныя і растворныя, па выпускной форме — на цвёрдыя, парашкападобныя, вадкія каўчукі, латэксы сінтэтычныя (водныя дысперсіі К.с.), па галінах выкарыстання — на каўчукі агульнага і спец. прызначэння. К.с. агульнага прызначэння (напр., ізапрэнавыя каўчукі, бутадыенавыя каўчукі, бутадыен-стырольныя каўчукі) выкарыстоўваюць для вытв-сці гумавых вырабаў (як і каўчук натуральны). Да каўчукоў спец. прызначэння адносяць масла- і бензаўстойлівыя (напр., бутадыен-нітрыльныя каўчукі), тэрмаўстойлівыя (напр., крэмнійарганічныя каўчукі), устойлівыя да ўздзеяння агрэсіўнага асяроддзя (напр., поліізабутылен), з высокай газанепранікальнасцю (напр., бутылкаўчукі) і К. с. з інш. ўласцівасцямі, якія адсутнічаюць у натуральным каўчуку і забяспечваюць выкарыстанне вырабаў з іх у спецыфічных (звычайна экстрэмальных) умовах Прамысл. вытв-сць К.с. (натрыйбутадыенавага) распачата ў 1932 у СССР паводле спосабу С.В.Лебедзева.
Літ.:
Догадкин Б.А., Донцов А.А., Шершнев В.А. Химия эластомеров. 2 изд. М., 1981;
Синтетический каучук. 2 изд Л., 1983.
Я.І.Шчарбіна.
т. 8, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)